Главная » 2010 » Июль » 15 » Экватар чэмпіянату: мы чацьвёртыя
Экватар чэмпіянату: мы чацьвёртыя
16:29
Тры запар перамогі на фінішы першага кола Чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд першай лігі дазволілі ФК "Рудзенск" імкліва падняцца ў турнірнай табліцы адразу на 6 пазіцый і заняць ганаровае 4-й месца ў агульным заліку.

7 ліпеня. ФК "Хімік" – ФК "Рудзенск"
Ужо на першых хвілінах гульні нашы футбалісты азадачылі "хімікаў". Дэбютная атака ФК "Рудзенск" скончылася фолам. А вось другая завяршылася ударам Іллі Наздрына-Платніцкага, які брамнік гаспадароў адбіў. На дабіванні самым першым апыніўся Сяргей Бубноў. І лік стаў 0-1 на карысць нашай каманды.

Светлагорцы паспрабавалі распачаць сваю атаку. Але нездарма паўабарона Рудзенску выклікае павагу ў супернікаў. Перахоп мяча, Пышнік вырываецца па левым фланзе, аддае перадачу на пакінутага на самоце ў цэнтры штрафной Наздрына-Платніцага. І лік ужо 2-0. А ідзе толькі 5 хвіліна гульні.

Пасля такога дэбюту нашы гульцы крыху супакоіліся. За што ледзьве не былі пакараныя. Спачатку пасля флангавага праходу нападнік гасцей прабівае наўпрост у Юркевіча. А праз дзесятак хвілін мяч прайшоў у літаральных сантыметрах ад штангі нашай брамы.

Зразумеўшы, што гаспадары разлічваюць выратаваць гульню, футбалісты "Рудзенску" фактычна заперлі "Хімікаў" на сваёй палове і, па вялікім рахунку маглі б яшчэ прынамсі 2 разы забіць. Тым не меней на перапынак каманды сышлі пры рахунку 0-2 на нашу карысць.


Другі тайм пачаўся па сцэнару дэбюту сустрэчы. Ужо на 54-й хвіліне атака завяршаецца трапным стрэлам Сяргея Шалімы. Госці у адказ паспрабавалі выканаць нейкае падабенства  штурму, але ўсе іх спробы прарваць нашу абарону завяршаліся стратай мяча яшчэ на падыходзе да штрафной Юркевіча. А вось атака Рудзенску на 72-й хвіліне зрабіла лік разгромным: 0-4. Гол правёў Сяргей Ціханоўскі.

Атрымаўшы найбольшую перавагу над супернікам у гісторыі сваіх выступаў у першай лізе "Рудзенск" заўважна знізіў хуткасці. За што і быў пакараны. На 79 хвіліне адзін з лепшых бамбардзіраў першынства Сяргей Дашук адарваўся ад нашых абаронцаў і забіў гол прэстыжу: 1-4.
Гэты лік і стаў фінальным.

Склад ФК Рудзенск: Уладзімір Юркевич (капітан, № 34) (на 86 хвіліне заменены на Р. Сцяпанава (№ 1)), Сяргей Зеневіч (2), Міхаіл Шчуцкі (5), Дзьмітры Парфёнаў (7, заменены на Сяргея Ціханоўскага на 58 хвіліне), Ігар Пышнік (8), Дзьмітры Талкачоў (12, заменены на Якава Казака 65'), Антон Рабцаў (16, заменены на Сяргея Каваленку на  77'), Сяргей Бубноў (18, заменены на Сяргея Шаліма на 53'), Сяргей Усеня (19), Дзьмітры Трындзюк (10),  Ілля Наздрын-Платніцкі (21). 


11 ліпеня ФК "Рудзенск" – ФК Ведрыч-97

Нягледзячы на розны цяперашні статус нашы клуб "Ведрыч-97" выклікае павагу. Клуб які доўгі час выступаў у Вышэйшай лізе, фіналіст кубку Беларусі. Каманда, якая выхавала такіх вядомых гульцоў як Міраслаў Рамашчанка, Віталь Баранаў, Барыс Гаравы, Алег Аўрамаў, Павал Сітко.

Цяпер каманда, натуральна перажывае не лепшыя часы. Напярэдадні гульні Ведрыч знаходзіўся на перадапошнім месцы турнірнай табліцы. І трэнерскі штаб паставіў перад гульцамі задачу выйграваць любым коштам. Дадатковыя 3 пункты дазволілі б клубу пакінуць небяспечную "зону вылету" напярэдадні перазаключэння дамоваў са спонсарамі і трансфернага вакна.
Адпаведным быў і малюнак гульні. Ведрыч усімі сіламі намагаўся ісці наперад. Выкарыстоўваў у першую чаргу верхавыя і дальнія падачы (мы ўжо звярталі ўвагу на тое, што абарона ФК "Рудзенск" не заўсёды ўпэўнена грае на другім паверсе).
Наш трэнерскі штаб пасля упэўненай перамогі у Светлагорску наадварот паставіў на стыль гульні з хуткім нізавым пасам і пераходам праз сярэдзіну поля ў 3-4 перадачы.

Такая тактыка дала свой плён і ўжо з 15 хвіліны ніхто не мог сказаць пра перавагу гасцей. Наша каманда валодала ініцыятывай і стварыла некалькі досыць вострых момантаў ля брамы "Ведрыча". Запомніліся удары Парфёнава, Бубнова, Наздрына-Платніцкага. 

Апошняму, дарэчы, няшчасціць з завяршальным ударам. Ілля часцяком выконвае вялікі аб'ём чарнавой работы. Але калі здавалася што выйшаў на 100% гол, фартуна паварочваецца спіною. Вось і гэты раз ён не здолеў пацэліць у пустую браму з некалькіх метраў. 

Знакамітае футбольнае правіла "не забіваеш ты – забіваюць табе" спрацавала на 42 хвіліне калі паўабаронца "Ведрыча" здолеў такі прабіць Юркевіча. 
На перапынак каманды сышлі з лікам 0-1 на карысць гасцей.

Другі тайм пачаўся ў спробах рэчыцкіх футбалістаў замацаваць перавагу ў ліку. За першыя 10 хвілін гульні яны прынамсі 4 разы здолелі прабіць у створ нашай брамы.

А вось "абаротка" у выкананні "Рудзенску" была куды больш плённай і цікавай. На 50-й хвіліне гульні на ўдарнай пазіцыі апыняецца малады гулец Сяргей Усеня. І ён не марнуе свайго моманту 1-1.

А яшчэ праз 10 хвілін лік сваім праведзеным галам адкрыў Якаў Казак. Пасля таго як лік стаў 2-1, "Ведрыч" усімі сіламі кінуўся ратаваць гульню.

Рудзенск са свайго боку працягнуў гуляць нізавым хуткім пасам. І, па шчырасці глядзеўся значна больш востра і цікава.

Таму фінальны лік 2-1 падаецца цалкам справядлівым. Адны выкладаліся на полі і дэманстравалі звышматывацыю. А іншыя былі банальна вышэй класам.


За "Рудзенск" на поле выходзілі: Уладзімір Юркевич (капітан, № 34), Сяргей Зеневіч (2), Міхаіл Шчуцкі (5), Дзьмітры Парфёнаў (7, заменены на Сяргея Шаліма на 46'), Ігар Пышнік (8, заменены на Якава Казака на 55'), Дзьмітры Талкачоў (12, заменены на Сяргея Ціханоўскага на 62'), Антон Рабцаў (16, заменены на Сяргея Каваленку на  52'), Сяргей Бубноў, Сяргей Усеня (19, заменены на Кірыла Самахвала на 81'), Дзьмітры Трындзюк (10),  Ілля Наздрын-Платніцкі (21). 

Такім чынам за кошт бліскучага фіналу (3 гульні – 3 перамогі) ФК Рудзенск здолеў істотна паправіць сваё турнірнае становішча. А менавіта падняцца з 10 на 4 месца ў агульным заліку.


Просмотров: 1816 | Добавил: svislac | Рейтинг: 0.0/0 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *: